Лiдскi пiярскi калегiум

     У Рэчы Паспалітай заслуга ў пашырэнні новых ідэй у педагогіцы належыць каталіцкаму ордэну піяраў, якія былі запрошаны сюды каралём Уладзiславым IV Вазай у 1641 г. У адрозненнi ад езуiтаў яны не цiкавiлiся палiтыкай i не займалiся мiсiянерскай дзейнасцю. Галоўнай мэтай членаў гэтага ордэну было набожнае выхаванне моладзi. Ад iншых жа сваіх калег яны адрознiвалiся пакорлiвасцю, сцiпласцю i працавiтасцю.

    У ВКЛ піяры заснавалі першую ўласную навучальную ўстанову толькі ў 1693 г. у Любяшове (Пінскі павет). А росквіт іх дзейнасці тут прыйшоўся на 1720-1730-я гг., калі не толькі была ўтворана асобная Літоўская правіцыя ордэна (1736) і адкрыта звыш дзесятка калегіумаў, але і распачата справа па арганізацыі ў Вільні ўласнай акадэміі з правамі універсітэта [2; 292]. Аднак падобная актыўнасць выклікала адказную рэакцыю з боку езуітаў, якія карысталіся вялікім уплывам у асяроддзі мясцовай правячай эліты і здолелі ўцягнуць піяраў у шэраг судовых разбіральніцтв. Іх вынікам стала выданне 28 сакавіка 1738 г. асэсарскім судом у Брэсце дэкрэту, дзе адзначалася незаконнасць дзеянняў піяраў на тэрыторыі ВКЛ. Тут гаварылася, што школы піяраў ў Вільні, Балотні ў Лідскім павеце (суч. Воранава) і Геранёнах у Ашмянскім павеце былі адчынены без уліку прывілеяў Віленскай езуіцкай акадэміі, дадзеных той сеймамі Рэчы Паспалітай, а таму павінны быць ліквідаваны. Піярскі ордэн спрабаваў апеляваць да Ватыкана, але папа рымскі Клімент ХІІ загадаў піярам згадзіцца з пастановай суда - інакш на ўсе іх тутэйшыя кляштары будзе накладзены інтэрдыкт, а свецкія улады атрымаюць права арыштаваць школьнае кіраўніцтва і настаўнікаў [3; 124-135].
Герб Сцыпіёнаў дэль Кампа 
    Піяры былі вымушаны прызнаць перамогу езуітаў і ў 1740 г. тры азначаных вышэй калегіума спынілі сваю дзейнасць. Разам з тым, унук ініцыятара адкрыцця піярскай школы ў Воранава староста лідскі і падстолій літоўскі Ігнацый Сцыпіён дэль Кампа здолеў дабіцца ад вiленскага бiскупа Мiхала Зеньковiча ў 1756 г. дазволу адкрыць замест яе новы піярскі калегіум у Лідзе. Пры гэтым, дадзеная навучальная ўстанова захавала фундушы Воранаўскай школы (50 тыс. зл. з прыбыткаў ф. Лапацызна і в. Вiльканцы), а таксама атрымала новыя (юрыдыка ў Лідзе з вадзяным млыном, ф. Пастаўшчызна). Меліся пры калегіуме і фундушы на бясплатнае ўтрыманне ды вучобу моладзі. Стацэвічы выдзялілі ажно 20 тыс. зл. на навучанне ў Лідзе юнакоў з іх роду (канкрэтныя асобы кожны раз вызначаліся самімі фундатарамі), а Тамаш Мідгала перадаў піярам з гэтакай жа мэтай яшчэ 12 тыс. зл. 
   У першыя гады свайго існавання піярская школа ў Лідзе месцілася ў арэндаванай манахамі карчме на вул. Віленскай (заняткі вялі два настаўніка - Язэп Кантрыньскі і Язэп Віславух). Аднак, дзякуючы добраму фінансаванню ўжо ў 1759 г. Лідзе быў утвораны поўны 6-класны піярскі калегіум, для якога ўзвялі асобны будынак. Пры гэтым, яго вучэбная праграма ўлічвала дасягненні польскіх піяраў на чале з С. Канарскім у мадэрнізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу: у першым класе юнакі праходзілі асновы лацінскай граматыкі, арыфметыкі, сусветнай гісторыі і геаграфіі; у другім і трэццім - латынь, творы антычных аўтараў, арыфметыку, геаметрыю, гісторыю Францыі і яе славутых ураджэнцаў; у чацвёртым - польскую мову і літаратуру, айчынную гісторыю і алгебру; у пятым гэтыя курсы дапаўняліся фізікай і астраноміяй; а ў шостым - красамоўствам, прыродным і айчынным правам. Ва ўсіх класах таксама чытаўся Закон Божы і паралельна з засваеннем асноўнага курсу юнакі авалодвалі французскай і нямецкай мовамі. У платным пансіёне пры школе заможныя вучні па жаданню таксама маглі навучыцца танцам, маляванню, фехтаванню і верхавой яздзе. Замацоўвалі ж атрыманыя на занятках веды яны праз удзел у працы школьнага тэатра (ініцыятар стварэння ў 1771 г. Антоні Мікуцкі), дзе ставіліся п'есы як антычных, так і еўрапейскіх аўтараў [5; 96].
    У часы дзейнасці Адукацыйнай камісіі Лідскі піярскі калегіум застаўся пад кантролем піяраў, але быў рэарганізаваны ў 3-класнае падакруговае вучылішча з 6-гадовым тэрмінам навучання. Ён быў падпарадкаваны Гродзенскай акруговай школе і быў абавязаны з 1780 г. узгадняць з Віленскай Галоўнай школаў усе пытанні вучэбнага характару, а таксама прымаць свецкіх візітатараў [6; 130]. Нажаль, якраз у гэты час у Лідскіх піяраў з'явіліся праблемы з фінансаваннем. Значныя даўгі прывялі да звальнення ў 1782 г. часткі настаўнікаў і рэзкага скарачэння колькасці выхаванцаў (са 100 да 50). Толькі ўмяшанне кіраўніцтва ордэна і фінансавая дапамога з боку Адукацыйнай камісіі не далі Лідскай школе ўвогуле спыніць сваё існаванне (колькасць вучняў вагалася ад 60 да 80 у год) [7; 53, 122, 267].
       Вызначальным для далейшага лёсу Лідскага калегіума стаў 1797 г., калі ў горадзе спыніўся Павел І. Імператар звярнуў увагу на дрэнны стан пiярскага кляштара i ахвяраваў з казны ажно 5 тыс. руб. срэбрам на пабудову новага мураванага касцёла і развіццё школы [8; 150]. Нягледзячы, аднак, на гэта паляпшэнне спраў у апошняй ішло вельмі марудна, што знайшло сваё адлюстраванне ў колькасці тутэйшых выхаванцаў: у 1801 г. і было 49 (39 з шляхты, 3 з мяшчан, 2 з разначынцаў, 5 з "приказных"), у 1802 - 25, у 1803 - 59 [9; 447]. У дадзены перыяд пасаду прэфекта тут займаў 41-гадовы Рыгор Янкевіч (з шляхты Упіцкага павета, скончыў школу ў Расіёнах, а таксама Віленскую акадэмію), якому дапамагалі тры настаўніка: курсы права і красамоўства вёў 32-гадовы Леапард Рамашкевіч (з шляхты Упіцкага павета, скончыў школу у Паневежы); курсы матэматыкі і фізікі - 29-гадовы Андрэй Канюшэўскі (з шляхты Лідскага павета, мясцовы выхаванец); адказны за першы клас - 20-гадовы Францішак Стукевіч (з шляхты Жмудскага княства, скончыў школу ў Дубровіцы). Мясцовая бібліятэка налічвала 627 кніг. Таксама пры школе мелася 8 "матэматычных інструментаў" [10; 229-230, 249-250].
     Пасля ўтварэння Вiленскай навучальнай акругi Лідскі піярскі калегіум атрымаў статус 4-класнага павятовага вучылiшча з прэфектам і 5 настаўнікамі. Яго вучэбная праграма была істотна пашырана і ўключала шырокі спектр гуманітарных і прыродазнаўчых прадметаў: Закон Божы, польская, лацінская, грэчаская, французская, нямецкая і руская мовы, міфалогія, гiсторыя ВКЛ, мараль, логіка, фізіка, прыродазнаўства, хімія, астраномія, матэматыка, геаметрыя, стэрыяметрыя, трыганаметрыя, архітэктура, тэхналогiя, мiнералогiя, прыроднае, палiтычнае, народнае права, палiтэканомiя, каморнiцтва, садаводства, батанiка, тэорыя вакцынацыi (прышчэплiванне воспы), рацыянальная сельская гаспадарка, чыстапiсанне, маляванне, танцы i музыка. Аналізуючы змест вучэбных праграм тагачасных айчынных манаскіх школ вядомы рускі даследчык А. Пагодзiн пісаў: "Образование тут давалось широкое, не слишком основательное, но не забивающее ума и самостоятельной мысли, а школьны режим не убивал души" [11; LXІX].
   Што датычыцца непасрэдна Лідскага піярскага павятовага вучылішча, то, нажаль, трэба адзначыць, што ўвайсці ў лік лепшых тагачасных манаскіх вучылішчаў Беларусі яно так і не здолела. У першую чаргу тлумачыцца гэта вострым недахопам сродкаў (часам іх не было нават на харчаванне настаўнікаў), а таксама прэтэнзіямі на кляштар з боку розных афіцыйных "квартарантаў". З 1803 г. у школьным будынку месцілася вайсковая паліцыя, а ў 1805-1807 гг. манахі ўвогуле былі вымушаны часова спыніць заняткі, бо на пастой у кляштары стаў буйны рускі атрад [12; 495]. Пасля ж аднаўлення працы лічба выхаванцаў тут працягвала вагацца ў межах 40-45 юнакоў. У 1811 г. піярскі правінцыял нават разглядаў магчымасць ліквідацыі Лідскай школы, бо поспехі тутэйшых вучняў былі слабымі - вучні першага класа не здолелі адказаць на пытанні візітатара, а з выхаванцаў другога класа ніхто не здаў на станоўчую адзнаку пераводны экзамен у трэці клас [13; 174].
          Рэалізаваць гэты праект не дазволіў толькі пачатак руска-французскай вайны 1812 г. У час апошняй Лідская школа не працавала, хаця манахі мясцовага піярскага кляштара падтрымалі французаў і дапамагалі ім у харчаванні арміі і лячэнні хворых ды параненых. Настаўнік Каласанты Гаўлоўскі, пры гэтым, нават выступiў з одай у гонар Напалеона на ўрачыстым сходзе ў касцёле св. Іосіфа 15 жнiўня з нагоды дня нараджэння імператара [14; 296]. Пасля ж нармалізацыі становішча ў рэгіёне якасць выкладання школе істотна палепшылася (гэта адзначыў сам папячыцель акругі кн. Адам Чартарыйскі ў час рэвізіі 1817 г.), але лічба выхаванцаў тут па-ранейшаму заставалася вельмі нізкай - у 1820 г. тут вучылася ўсяго 18 юнакоў (выклікана моцнай канкурэнцыяй з боку суседніх манаскіх вучылішчаў). Дадзены факт кіраўніцтва ўжо не магло больш ігнараваць і ў 1821-1824 гг. у Лідзе працавала толькі парафіяльнае вучылішча [15; 134].
       Апошні перыяд існавання Лідскага піярскага калегіума прыйшоўся на вельмі складаныя ў айчыннай гісторыі часы. Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. руская адміністрацыя ў краі ўзяла курс на суцэльную ліквідацыю манаскай сістэмы асветы. Ужо 30 студзеня 1833 г. па загаду папячыцеля акругі Г. Карташэўскага ў Ліду былі накіраваны рускія настаўнікі, якія павінны былі ўвайсці ў курс спраў і забяспечыць нармальную працу школы у "пераходны перыяд". Ну а 9 верасня 1834 г. тутэйшая навучальная ўстанова была ўвогуле канфiскавана ў пiярскага ордэна i рэарганiзавана ў 3-класнае павятовае вучылiшча для мяшчан. Аднак, дадзены тып школ ў Беларусі не набыў папулярнасці і ў 1835 г. улады былі вымушаны частку з іх зачыніць, а на месцы ацалелых адкрыць 5-класныя даваранскія павятовыя вучылішчы [16; 488-489]. Падобная навучальная ўстанова была створана і ў Лідзе, але праіснавала яна толькі да 1865 г. калі была пераўтворана ў 2-класнае гарадское вучылішча.
      Такім чынам, можна сцвярджаць, што менавіта дзякуючы піярам Ліда звыш 75 год заставалася значным рэгіянальным цэнтрам культуры і адукацыі. Нажаль праблемы з фінансаваннем і моцная канкурэнцыя не далі тутэйшаму калегіуму як след развіцца, але нават нягледзячы на гэта ён здолеў унесці істотны уклад у развіццё асветніцкай справы на Гродзеншчыне - сярод яго найбольш вядомых выхаванцаў былі: прафесар батанікі Віленскага універсітэта Станіслаў Юндзіл, пісьменнік Войцах Нарбут, аўтар 10-томнага "Польскага гербоўніка" Ян Баброўскі, прэзідэнт Таварыства навук і мастацтва пры Віленскім універсітэце (1804-1808), капелан Віленскай гімназіі Францыск Гадлеўскі і інш. [17; 167].

Літаратура:
1. Самусік А. Ф. Пiяры // Рэлiгiя i царква на Беларусi. Мінск: БелЭн, 2001. C. 250-251.
2. Topolska M. B. Społeczeństwo i kultura w Wielkim Księstwie Litewskim od XV do XVIII wieku. Poznań - Zielona Gora, 2002. 448 s.
3. Szulc W. Spory Akademji Wileńskiej z pijarami o wyłączne prawo na szkoły // Ateneum Wileńskie. 1939. R. XIV. Z. 1. S.70-144.
4. Kościałkowski S. Z dziejow ofiarności na rzecz nauki i nauczania na Litwie // Nauka Polska: W 8 t. Warszawa: Wyd-wo M. Arcta, 1925. T. 5. S. 241-296.
5. Самусік А. Ф. Станаўленне гуманітарна-прыродазнаўчай сістэмы адукацыі ў піярскіх калегіумах Беларусі ў першай палове XVIII стагоддзя // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук. Серыя гуманітарных навук. 2006. № 5. Ч. 1. С. 94-96.
6. Protokoły posiedzeń Komisji Edukacji Narodowej. 1773-1785 / Oprac. M. Mitera-Dobrowolska. Wrocław: Ossolineum, 1973. 492 s.
7. Raporty generalnych wizytatorów szkół Komisji Edukacji Narodowej w Wielkim Księstwie Litewskim. (1782-1792) / Oprac. K. Bartnicka, I. Szybiak. Wrocław: Wyd-wo PAN, 1974. 599 s.
8. Толстой Д. А. Римский католицизм в России: В 2 т. СПб.: Тип. Ф. Сущинского, 1876. Т. 2. 254 с.
9. Bielinski J. Uniwersytet Wileński: w 3 t. Kraków: Druk. W. Anczyca i Spólki, 1899-1900. Т. 1. 485 s.
10. Сборник материалов для истории просвещения в России: в 4 т. / под ред. И. П. Корнилова. СПб.: Тип. П. П. Сойкина, 1893-1898. Т. 1. 1165 cт.
11. Погодин А. Виленский учебный округ. СПб.: Тип. П. П. Сойкина, 1901. 134 c.
12. Крачковский Ю. Ф. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа. Вильна: Тип. А. Г. Сыркина, 1905. 565 c.
13. Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach Litewsko-Ruskich. 1803-1832: w 2 t. Lublin: Redakcja Wydawnictw KUL, 1991. Т. 2. 1991. 459 s.
14. Военский К. Акты, документы и материалы для политической и бытовой истории 1812 года: в 3 т. СПб.: Тип. П. П. Сойкина, 1909-1912. Т. 1. 582 с.
15. Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach Litewsko-Ruskich. Т. 2.
16. Дополнения к сборнику постановлений по Министерству Народного Просвещения. 1803-1864. СПб.: Тип. П. П. Сойкина, 1867. 1096 ст.
17. J. M. G. Pijarzy w Polsce // Podręczna Encyklopedya Kościelna: w 44 t. / pod. red. Z. Chełmckiego. - Warszawa: Gebethner i Wolff, 1904-1916. T. 31-32. S.137-171.
А.Ф.Самусік

г. Мінск

Комментариев нет:

Отправить комментарий