Сялянскі быт на Лідчыне

Для кожнага чалавека пачэсны абавязак – веданне народнай культуры, каранёўіснасці, уменне зберагчы яе спадчыну і нацыянальную прыналежнасць, бо нашыя продкі былі людзі таленавітыя, творчыя, умелыя (практычна ўсё для свайго карыстання рабілі сваімі рукамі). Самі, кожны сабе, будавалі хаты, хлявы, гумны, лазні, самі лячыліся, калі каму-небудзь нядобрылася, нядужылася, навальвалася напасць — хвароба. У Лідчыне надта ж развіты былі рознага роду саматужніцтва, промыслы, рамёствы — цяслярства, ганчарства, бондарства, кавальства, ткацтва. Арыгінальна, па-свойму пракладваліся дарогі, масты, кладкі. Па-свойму, залежна ад умоў, развіваліся і агародніцтва, садаводства, рыбалоўства, бортніцтва. 
сваёй.

Тэрытарыяльная блізасць Ліды да Польшчы, традыцыйны інтарэс польскай інтэлігенцыі да Панёманскага рэгіёну абумовілі з'яўленне ў к. 19 - пач. 20 ст. шматлікіх публікацый па гісторыі, этнаграфіі, фальклору Ліды і яе ваколіц у такіх польскамоўных часопісах, як “Wisla”, “Ziemia”, “Ziemia Lidzka”. Асабліва трэба вылучыць рэгіянальна-краязнаўчы часопіс “Ziemia Lidzka”, які не толькі змяшчаў матэрыялы па Лідчыне, але і рабіўся ў Лідзе. Часопіс выходзіў у 1935 - 1939 гг. Грошы на выданне часткова даваў фонд народнай культуры Пілсудскага. “Ziemia Lidzka” друкавалася адначасова і пад назвай “Ziemia Nasza” (магчыма, тут распаўсюджваўся часопіс “Земя Наша”, а за межамі –“Земя Лідска”). За гады свайго існавання ў часопісе было апублікавана шмат каштоўных краязнаўчых матэрыялаў, якія даюць нам цікавыя звесткі аб побыце нашых продкаў. У адным з такіх артыкулаў Адам Хоміч расказвае пра любімую страву нашых продкаў “мачанне”, прыгатаванае з яек, мукі, малака на сале. Елі мачанне з блінамі або бульбай. Бульба і хлеб з’яўляліся асноўнай ежай людзей краю. Разам з імі ўжывалі свіное сала, малако. У час посту, калі забаранялася ўсё скаромнае (мяса, сала), харчаваліся кіслымі гуркамі, капустай, алеем. 3 мукі выраблялі квас - „саладуху". 
Адзенне нават напрыканцы 20-х гг. было галоўным чынам з самаробнага палатна (з лёну) і сукна (з воўны). Зручнай зімовай вопраткай, неад'емнай часткай гардэроба многіх лідчан у пачатку ХХ стагоддзя з’яўляўся кажушок. 
У нашай Лідскай акрузе выраблялі аўчыны татары па прозвішчы Якубоўскія, што жылі ў вёсцы Беліца, на той час - мястэчка. Былі, праўда, і іншыя, але гэтыя слылі самымі вядомымі. Аўчыны не толькі выраблялі, але і фарбавалі ў розныя колеры: белы, чорны, карычневы. Белы не карыстаўся попытам, бо вельмі хутка пэцкаўся. Чорны занадта дорага каштаваў. Таму быў больш распаўсюджаны колер карычневы.
Шылі кажушкі адмысловыя мясцовыя краўцы. У Зблянах такіх было двое: "Пятрушка" - Пятро Бурдун, і Сцяпан Паўловіч па мянушцы “Тлушняк". Гэтая мянушка прыліпла да яго з-за таго, што ён дрэнна чуў. Іншы раз наймалі краў-цоў з суседніх вёсак.
Восенню ці на пачатку зімы, хто хацеў набыць кажушок, запрашаў да сябе краўца, і той выконваў заказ. Акрамя таго, што майстар атрымліваў плату за выкананую работу, ён яшчэ і жыў некалькі дзён у заказчыка.
Кравец у хаце быў жаданым і паважаным госцем. На ноч яму рыхтавалі асобную пасцель. Частавалі лепшай стравай. На сняданне пяклі блінцы, а да іх смажылі скварку з каўбасой ці кумпяком, а то і яечню. Лепшую ежу ставілі на стол і ў час абеду, і на вячэру. У адрозненне ад сённяшняга часу не было там толькі гарэлкі: тады яна не карысталася "попытам".
Вынікам работы краўца быў прыгожы новенькі кажушок з футравым каўняром ды такой жа
футравай аблямоўкай па краях полаў і рукавоў. Гэтая рэч была для кожнага предметам гонару. Дзяўчаты ды жанчыны да таго яшчэ вышывалі побач з аблямоўкай каляровымі ніцямі прыгожыя ўзоры-арнаменты.
Шылі і доўгія кажухі, аж да пят. У такім, ды яшчэ ў валенках, не страшны самы вялікі мароз.
Іншая справа абутак. Тут кожны сам сабе майстра. Большасць жыхароў ў той час хадзілі ў "хадаках". Гэты просты, незамыславаты звонку і “па тэхналогіі вырабу” абутак кожны рабіў сабе сам. Трэба было толькі паехаць у Беліцу на рынак ці да яўрэя ў краму, купіць кавалак скуры (юхты), а далей, як кажуць, справа тэхнікі.
У кожнага гаспадара былі ўжо загадзя падрыхтаваны калодкі-капылы адпаведнага памеру. Бацькі ці хто-небудзь са старэйшых мужчын у сям'і прыступаў да “вытворчасці” традыцыйнага абутку - хадакоў. Гэтае цудадзейства адбывалася часцей за ўсё доўгімі восеньскімі ці зімовымі вечарамі пры святле газавай лямпы ці лучыны.
3 размочанай скуры выкройвалася загатоўка. Яе нацягвалі на капыль, распраўлялі кожную, нават самую маленькую, складачку, разгладжвалі, роўненька падразалі край, выразалі са скуры доўгія (каля метра) шырынёй 1,5-2 сантыметры аборкі.
Майстры завочна спаборнічалі адзін з другім, хто зробіць лепшыя і прыгажэйшыя хадакі.
Падэшву дадаткова падшывалі больш тоўстай скурай. Сцяжкі шва рабіліся роўненька, а дратву намазвалі воскам. 3 рук майстра выходзіла цудоўная, прыгожая рэч. I што галоўнае: гэта быў самы лёгкі, самы зручны абутак, які прыходзілася калі-небудзь насіць. Ніхто і ніколі не меў мазалёў.
Абувалі хадакі на даматканыя белыя з ільну анучы, таўшчыня і памер якіх залежалі ад надвор'я: у мароз - большыя, а калі не вельмі холадна - меншыя.
Ніжнюю частку нагі абвівалі шчыльна аборкай так, што здавалася, гэта не аборка, а скураная халяўка. Аборкі пры-давалі хадакам не толькі прыгажосць, але яшчэ і ўтрымлівапі хадакі, каб не звальваліся з нагі.
Мелі, канешне, і іншы абутак. Але той быў “святочны”. 
Мужчынскімі галаўнымі ўборамі ў гарадской знаці былі кучмы, ялмонкі, магеркі,
канфедэраткі, брылі.
Брыль з’яўляўся штодзённым галаўным уборам з часоў сярэднявечча. Яшчэ і ў наш час дзе-нідзе плятуць брылі з саломы. Даўней матэрыял для пляццення быў больш разнастайны: саломка, мятліца, чарот. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення і досыць высокім эстэтычным выглядам вызначаюцца саламяныя брылі. Плялі іх звычайна са сцяблоў жыта — «у зубчыкі» ці прама, прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Брылі, валеныя ці зырабленыя з лямцу, насілі ў любую пару года. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі чорнай, карычневай, зялёнай ці сіняй тасьмой шырынёй 2- 3 см або ўпрыгожвалі штучнымі (з рознакаляровай паперы, тканіны) ці жывымі кветкамі. Форма і памеры валеных, лямцавых брылёў блізкія да саламяных, але лініі переходу ў іх больш мяккія і пластычныя, а аздабленне больш сціплае.
У канцы XIX—пач. XXст. сталі ўсё шырэй карыстацца фабрычныя вырабы. Яны паступова выцеснілі народныя. Менавіта ў гэты час традыцыйны брыль замяняецца картузом. Гэты летні галаўны ўбор з казырком шылі спецыяльныя краўцы з чорнага сукна накшталт былых вайсковых фуражак з шырокім каляровым аколышам і цвёрдым, часам лакіраваньш казырком. 
На пачатку XXст. картуз паступова выцясняецца кепкай, якая больш разнастайная кроем і тканінамі. У наш час народныя галаўныя уборы шырока выкарыстоўваюцца ў сцэнічным касцюме. 
Распаўсюджаным зімовым галаўным уборам была футравая шапка ў выглядзе башлыка з канічным або ў форме стажка верхам — шлык. Вырабляўся шлык з чырвонага («парп'янавага») сукна і падбіваўся воўнай. Налобная частка, вушы абшываліся футрам вавёркі ці зайца. Значнае месца ў зімовым гарнітуры мужчын займала шапка аблавуха. У мінулым яна з'яўлялася адным з самых практычных і цёплых галаўных убораў, а таму бытавала паўсюдна. Шылі яе ў хатніх умовах з аўчын, пакрытых даматканым сукном. Для цеплыні аблавуха падбівалася воўнай. Была даволі цяжкая — яе вага дасягала 4-х фунтаў. Знешнім выглядам яна нагадвала старадаўнюю «трохвуголку». На вушы, патыліцу і нос спускаліся адвароты, якія пры непатрэбнасці задзіраліся ўгару, надаючы аблавусе выгляд шапкі з апухаю. Для таго, каб адвароты не ападалі, яны звязваліся зверху матузкамі, якія былі прышыты да навушнікаў.
Значна болей „Земя Лідска" друкавала цікавыя звесткі па духоўнай культуры. Вясельны абрад апісаў Міхал Шумялевіч у артыкуле „Вяселле". Аўтар дэталёва разгледзеў падрыхтоўку да вяселля ў хаце маладога. Для прыбірання хаты запрашаліся дзяўчаты. Сваю працу яны суправаджалі песнямі, накшталт:
Пара, маці, жыта жаці, колас нахіліўся,
Пара сына жаніці, бо развалачыўся. 
Сядзіць голуб на дубочку, галубка на вішні, 
Скажы, скажы, мой сыночку, хто табе наймільшы?
Калі хата жаніха прыводзілася ў парадак, дзяўчат частавалі „палудзеннікам", які складаўся з 2-3-х місак забеленага крупніку, альбо грэцкай кашы з маслам. Пад вечар гэтага ж дня ў хаце маладога збіраліся дзяўчаты і хлопцы і ладзілі апошняе халасцяцкае эастолле, якое суправаджалася песнямі і танцамі. М. Шумялевіч зрабіў цікавыя запісы вясельных песень ў 1933-1937 гг. 
Ткацтва – адзін з найстаражытных відаў народнага мастацтва. Стагоддзямі складаліся спосабы апрацоўкі льну і шэрсці, ткацтва на кроснах. Таксама значнае месца адводзiлася тэхнікі тканым паясам. 
Непаўторнасць народнай вопраткі прадыктавана яе прызначэннем і мясцовым густам. Светлыя льняныя тканіны з чырвоным узорам традыцыйныя для Беларусі. Кашулі, фартухі, галаўныя ўборы ў калекцыі музея, нягледзячы на традыцыйнасць размяшчэння арнаменту і перавагу геаметрычнага ўзору,  разнастайныя і маюць ярка выяўленыя рэгіянальныя асаблівасці. Валодаючы ўсімі вядомымі тэхнікамі ткацтва, выкарыстоўвачы  ў асноўным спалучэнне адбеленага і неадбеленага льну з чырвонымі баваўнянымі ніткамі, ткачыхі дамагаліся дзіўнай шматвобразнасці дэкору.
Вырабы з шарсцяных тканін – посцілкі і андаракі – шматколерныя. Выкананы яны большай часткай самымі простымі прыёмамі перапляцення нітак. Варыянтнасць дасягаецца камбінацыяй разнаколерных нітак утка і асновы. З’яўленне ў беларускай вёсцы ў 80-я гады ХIХ стагоддзя фабрычных тканін і штучных фарбавальнікаў у значнай ступені паўплывала на каларыт тканых вырабаў і характар вопраткі. Старажытны тканы галаўны ўбор рушніковага тыпу  выцясняецца фабрычнымі шаўковымі, паркалёвымі і шарсцянымі разнаколернымі хусткамі. З фабрычнай тканіны – сукна, аксаміту, шоўку – шыюць камізэлькі, упрыгожваючы іх тасьмой, па-майстэрску ўплятаючы ва ўзор металічныя гузікі і кнопкі.
Заканамерная эвалюцыя арнаменту, каларыту і тэхнікі ткання посцілак.  Іх мастацкі воблік
склаўся ў першай палове ХХ стагоддзя. Для сучасных тканін характэрны буйныя арнаментальныя формы і кантрастнае выкарыстанне колеру.
Шырокае практычнае значэнне мелi тканыя рушнiкi.Узоры ручнікоў звязаны з такімі спрадвечнымі панаццямі: дабро, святло, жыццё, якія  ўспрымаюцца як знакі сонца, агню, зямлі, неба, вады, святла. 
Ручнікі былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзільных, пахавальных абрадах: на іх
прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха, іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання, на ручніках апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж
Абавязковым відам мэблі ў сялянскім побыце быў куфар, прызначаўся ён для захоўвання тканін, бялізны, адзежы і каштоўнасцей.
Аднак няўмольны час робіць сваё. Большасць традыцый, свят, абрадаў, самаробных прылад працы, прадметаў побыту, рэчаў хатняга ўжытку адышлі ў нябыт, саступілі месца. Але нельга дапусціць, каб разам з імі адышлі ў нябыт узоры народнай мастацкай творчасці. Гэта наш нацыянальны здабытак, аснова для развіцця сучаснай культуры.


Комментариев нет:

Отправить комментарий