Памятныя камяні Лідчыны

Камень-следавік
у в. Леснікі Лідскага раёна
Камяні называюць самымі старажытнымі сведкамі гісторыі Зямлі і чалавецтва. Доўгі час на валуны, раскіданыя па зямлі, людзі не звярталі асаблівай увагі. А колькі гора прыносілі і прыносяць яны беларускім сялянам. Колькі працы трэба штогод, каб пазбіраць тыя камяні з поля."Колькі ні збірай, а яны, як грыбы, з зямлі растуць",— гавораць людзі. Аднак яны не растуць. Справа ў тым, што зімой, як замярзае глеба, камяні з больш глыбокіх слаёў нібыта выціскаюцца бліжэй да паверхні. А затым ужо дапамагае зірнуць ім на белы свет узворванне глебы. 

Дарэчы, усе камяні, якія маюць больш за дзесяць сантыметраў у папярэчніку, называюцца валунамі. Паходзіць гэтая назва ад славянскага «валяць», што даслоўна азначае валяцца ў самых розных мясцінах. А ёсць и камяні-волаты з неверагоднымі для беларускага ландшафту памерамі. Калі даследчыкі зацікавіліся валунамі, то здзівіпіся. Выявілася, што гэта не мясцовыя камяні. Мясцовыя былі больш маладыя і больш мяккія. А прышэльцы — больш старадаўнія і цвёрдыя. Граніты, парфірыты, кварцыты … Моцныя, дзябёлыя, маналітныя. Не адно стагоддзе прайшло, пакуль вучоныя выявілі, што камяні гэтыя не з Месяца зваліліся пад час вывяржэння вулканаў (была і такая гіпотэза), а прынесены ледніком, што некалі пакрываў Паўночную Еўропу. Разам з ледніком і прыйшлі валуны на Беларусь. У асноўным са Скандынавіі, але ёсць і з Фінляндыі. Сустракаюцца таксама і балтыйскія — выхадцы са дна мора.

Сёння мы расскажам пра цікавыя камяні нашай Лідчыны. Лідскі гісторык 30-х гг. XX ст. Міхал Шымялевіч у 1930-х гг. паведамляў, што ў Няцечы, што за 7 км на ўсход ад Ліды, па левым баку дарогі з Ліды на Ліпнішкі, у невялікай упадзіне (так званай «Кудры») ляжаў камень. Людзі расказвалі, што яго ў Дуброўню здалёк нёс д'ябал, каб забіць біскупа, які там жыў, але пасля поўначы на Дакудаўскім балоце пачуў спевы пеўня, страціў сілу, і камень выпаў з яго кіпцюроў. На камені было зроблена некалькі вялікіх веерападобных драпінаў, якія ўважалі за след кіпцюроў д'ябла. 

Культавы камень у в. Дайнава
на фотаздымке Э. Зайкоўскага 
.
Цікавы культавы камень знаходзіцца за 0,5 км ад вёскі Дайнава-1 па дарозе да вёскі Бельскія, за 150 м на поўнач ад дарогі. Даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на паверхні валуна маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных. Дыяметр лунак 5-7 см і глыбіня 1-3 см . Дайнаўскі валун адносіцца да класу ямкавых камянёў, г. зн. тых, на паверхні якіх маюцца адносна невялікія ямкі паўсферычнай формы. Дайнаўскі камень робіць моцнае ўражанне. 

За вёскай Мыто ёсць вельмі цікавы валун, які мае на сваёй паверхні даволі вялікае паглыбленне ў выглядзе чашы. Мясцовыя людзі расказваюць, што ў выемцы гэтага незвычайнага каменя заўсёды стаіць вада, нават у самую спёку яна не высыхае, і вада гэтая гаючая - лечыць бародаўкі і «канапушкі». Колькі людзі сябе памятаюць, яны хадзілі да гэтага каменя лекавацца і па-сёння водзяць туды дзетак. У 1988 ці 1989 гг. моладзь з «Талакі-2» была тут у вандроўцы і імі былі запісаны расказы мясцовых людзей пра гэты камень. Называюць яго «Чара Багародзіцы», і з ім связана такое паданне.  «Было вельмі сухое лета, выгаралі палі... Студні ў вёсцы пачалі сохнуць, і ў іх ужо амаль не было вады. Дзяўчына пайшла ў лес, дзе калісьці была крыніца. Але на тым месцы, дзе па паданні была крыніца, ляжаў вялікі камень... Дзяўчына выльмі хацела піць, таму, упаўшы на зямлю, пачала маліцца да Маці Божай, каб тая дапамагла не толькі ёй, але і ўсім вяскоўцам. Малітва была такая шчырая і чыстая, што Багародзіца падаравала дзяўчыне адмысловую чару з вадой, якая цудатворна з'явілася на камені. Усё лета вяскоўцы бралі з яе ваду і гэтым выратаваліся ад смяротнай спякоты». На паўночным баку каменя быў высечаны крыж, аднак яго счасалі па загадзе мясцовага (калгаснага?) партсакратара на пачатку 1960-х гг.

Падобны камень раней ляжаў каля вёскі Абманічы. Міхал Шымялевіч занатаваў: «Гоманічы ці Абманічы ці Гутна, вёска за 4 км на паўночны ўсход ад Ліды. Пры дарозе з Ліды на Брындзяняты, у дзяржаўным лесе ляжыць каменная глыба 2,5 м даўжынёй і 1,5 метра шырынёй з натуральным паглыбленнем на некалькі літраў вады наверсе, якая пасля дажджу тут звыкла знаходзіцца. Камень мае назву "Гоманава чарка" і "Чортавая чарка". Паданне расказвае, што ў гэтай мясцовасці жыў калісьці селянін Гоман, п'яніца, які прадаў сваю душу за чарку гарэлка.».

На паўночны захад ад вёскі Збляны, на адлегласці адной вярсты, каля дарогі на Парэчча, у канцы ХІХ cт. стаялі тры камяні рознай велічыні на адлегласці ў аршын адзін ад другога. Першы падымаўся над паверхняй зямлі на 1,5 аршына, другі - на 0,75. Трэці камень, верхняя частка якога, верагодна, была адбітая, ледзь выходзіў з зямлі. Усходні бок кожнага каменя - плоскі, і на ім высечаны васьміканцовы крыж. Пра паходжанне камянёў існуе народная легенда: тут сустрэліся два вяселлі, адно ехала ў царкву, а другое ўжо вярталася. За тое што вяселле, якое ўжо атрымала дабраславенне, саступіла дарогу вяселлю, якое яшчэ не паспела яго атрымаць, маладыя і фурман былі ператвораныя ў камень, а конь - у грушу (да 1884 г. каля камянёў расла груша). Па іншым паданні, у камяні былі ператвораныя маладыя, за тое, што ў нечым правініліся перад маці і былі ёю праклятыя.

Да самай вялікай катэгорыі сакральных камянёў належаць камяні-следавікі. Вераемна, першапачаткова паглыбленні на іх былі прысвечаны старажытнай Вялікай багіні ці яе мужчынскаму адпаведніку, а пасля прыняцця хрысціянства ўяўленні пра камяні змяніліся. Следавікі вядомыя амаль ва ўсім свеце і паводле Герадота (V ст. да н.э.), выява ступні Геракла была на скале каля берага Днястра, і ёй пакланялася мясцовае насельніцтва.

Камень-следавік у в. Мэйры Лідскага р-на, знаходзіўся пад абаронай дзяржавы, ляжаў за 0,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. Міхал Шымялевіч падаў такія звесткі пра гэты камень-следавік: «Вёска Мэйры складаецца з двух частак - усходняй, якая называецца Мілевічамі і заходняй, вядомай пад назвай Мэйры. Камень, пра які ідзе размова, ляжыць за 0,25 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Мілевічы і за некалькі дзесяткаў метраў на поўдзень ад гасцінца Мыто - Паперня, на невялікім пагорку, які парос рэдкімі соснамі. Згодна са зробленым перадзелам зямлі гэтае месца знаходзіцца на зямлі Мацея Чыжыка. Даўгаваты стары камень няправільнайформы, памерам 70 х 50 х 40 см не мае ніякіх слядоў апрацоўкі, бачны на ім толькі два, а можа, тры выдзеўбаныя крыжыкі. Пры канцы каменя, на яго нахільнай паверхні знаходзіцца выразнае, як быццам натуральнае паглыбленне, якое мае падабенства са следам глыбока ўціснутай ступні 12-ці гадовай дзяўчыны, даўжынёй 16 см, шырынёй 5- 6 см і глыбінёй да 3 см. Магчыма, калісьці камень парушылі з месца, бо след ступні знаходзіцца на бакавой паверхні, і вада ў ім утрымлівацца не можа. 10 траўня 1936 г. купка дзяцей, якія бавіліся на вуліцы вёскі, у адказ на маю просьбу паказаць камень са следам Маці Божай з задавальненнем правялі мяне на месца. Тут я убачыў, што зямля каля каменя чыста падмецена і пасыпана белым пяском, а сам камень атачоны вялікім вянком з дзеразы і ўплеценымі кветкамі палыну. На маё пытанне дзеці адказалі, што камень гэты абмятаюць і ўпрыгожваюць кветкамі вясковыя дзяўчаты. А паважнае стаўленне да каменя ў вясковага люду, па словах Нарбута, мае ўжо не адно стагоддзе і захавалася да нашага часу». Прывяду згадкі пра гэты камень у гістарычнай літаратуры. Тэадор Нарбут надрукаваў тэкст «Пра басьму»,  у якім піша, што «басьма часцей мае выгляд ступні чалавека». Аўтар артыкула апавядае далей, як вывучаючы значэнне басьмы, прыйшоў да разумення, як ён мяркуе, іншай загадкі: «Гэтае назіранне прывяло мяне да тлумачэння знакаў чалавечай ступні, выбітых на камянях, якія ёсць у паветах Гарадзенскім, Лідскім і Ашмянскім. Адзін у Лідскім павеце, Ваверскай парафіі, у маёнтку Юзафа Шышкі, каля вёскі Мэйры: ступня на камені там выразная і дакладна выбітая. Сяляне ўважаюць яе за ступню Маці Божай і прызвычаіліся да яе ўшанавання. Другі камень у павеце Ашмянскім, каля дарогі з Трабаў да Гальшанаў, каля карчмы. Называецца той камень "След чорта", такую ж назву мае і карчма. ... Пра камень у Гарадзенскім павеце кажуць, што ён ляжыць над ракой Котрай, на левым беразе, недалёка ад Берштаў». Нарбут лічыў, што «манголы распаўсюдзілі над Славяншчынай Рускай сваё панаванне, якое як раз даходзіла да таго месца, дзе ляжаў той камень з адбіткам ступні, яны клалі на іх свае знакі - выявы Басмы». 

Камень-следавік
у в. Бабры
Пазней Т.Нарбут дадаў: «Дажджавая вада, якая збіраецца ў тыя паглыбленні, лічыцца гаючай для вачэй». Адам Кіркор таксама апісваў: «У двары Юзафова, у полі, пры в. Мэйры Лідскага павета на ... камені відаць адбітак чалавечае нагі»,  і «Пры вёсцы Мэйры Мытлянскай воласці, ёсць вялікі камень з выявай на ім чалавечай ступні, як бы адбітай на мяккім воску. Мясцовыя жыхары лічаць адбітак следам Маці Божай». Ад каменя застаўся толькі фотаздымак Э. Зайкоўскага .

На царкоўным двары ў в. Бабры Лідскага раёна на поўнач ад храма знаходзіцца камень-следавік вышынёю 0,5 м. з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовавых паданнях гэта «След Маці Божай». Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 20-х гадах нашага стагоддзя следавік быў прывезены да храма і асвечаны праваслаўным святаром. Камень быў знойдзены ў 1999 г. Л. Лаўрэшам і У. Круцікавым і ўпершыню апісаны ў «Лiдскiм летапiсцы» № 9 за 1999 г. У 2009 г. ён, агароджаны невялікім плотам, ляжаў на цвінтары пры Баброўскай царкве. Мясцовыя жыхары расказваюць: "У вёсцы Бабры не было ні царквы, ні касцёла, таму жыхарам не было дзе памаліцца. Аднойчы ноччу аднаму мужчыну з вёскі прысніўся сон. У ім ён убачыў жанчыну з дзіцем, якая яму сказала: "На тым месце дзе я стаю, павінна быць пабудавана царква". Раніцай, вырашыў той мужчына знайсці месца, якое бачыў ў сне. Падыходзячы да гэтага месца ён убачыў жаночую цень. Мужчына падбег, але цень знікла. На тым месцы убачыў ён вялікі камень, а на ім два следа. Адзін большы – напэўна Маці Божай, другі меньшы – Іісуса Хрыста. Аб сваёй знаходцы і цудоўным сне расказаў мужчына сваім аднавяскоўцам. Парадзіліся людзі і вырашылі каля камня пабудаваць драўляную царкву, а сам камень абгарадзіць і берагчы як сімвал і талісман".

Камень-следавік
у в. Леснікі Лідскага раёна

У пачатку вёскі Леснікі ля вялікага драўлянага крыжа таксама стаіць камень-следавік, аб гаючых уласцівасцях якога людзі гавораць з даўніх часоў. Адразу звяртаешь увагу на незвычайнае паглыбленне у выглядзе чалавечай ступні. Гэта след Маці Божай, які яна пакінула, узыходзячы на неба, - личаць мясцовыя жыхары. Калі ідзе дождж, у слядах збіраецца вада. Лічыцца яна гаючай і дапамагае ад многіх хвароб.

Пакуль не зніклі не ўсе нашы памятныя камяні, каб захаваць іх для нашчадкаў, самы час вывучаць іх і  зрабіць цікавыя паданні пра камяні.

Паводле даследчых апавяданняў лідскага краеведа Л.Лаўреша,

настаўніка гісторыі Т.Суркант,

нарыса лідскага карэспанджнта Я.Арэхвы

Комментариев нет:

Отправить комментарий