Сцэнарый свята "Вялікдзень на Лідчыне"

Аўтар-складальнiк: Кухарская М.Э.
 
На экране высвечваецца выява мясцовай царквы. Звоняць званы.
                      
Дзяўчына :
Вясна, вясна
ў нашым краі.
Усіх у госці на Вялікдзень
Сардэчна запрашаем!

Ідзе запіс спева птушак. На фоне музыкі паяўляюцца дзве дзяўчынкі, перад імі ідзе хлопчык, які выконвае ролю дзядзькі Сцяпана.


1 дзяўчынка: Ганначка, пайшлі хутчэй дадому. Напэўна, мяне тата з мамай зачакаліся.

дзяўчынка: Праўда, ідзём хутчэй. Трэба абагнаць дзядзьку Сцяпана, каб у нашых хатах раней закончыліся палявыя работы і вырас лепшы ўраджай, чым у яго, бо лічыцца, хто першы пасля Усяночнай дадому дабярэцца, у таго ў гаспадарцы справы лепш будуць ладзіцца ў гэтым годзе.

Спыняюцца на сярэдзіне сцэны.

1 дзяўчынка: Ганначка, бачу ў цябе новая сукенка.

2 дзяўчынка: Так, мама на  Вялікдзень пашыла. Праўда, прыгожая? Вялікдзень – гэта вялікае гадавое свята, таму усе стараюцца справіць новую вопратку, нават у самай беднай сям’і. А ў цябе ж таксама новая ?

1 дзяўчынка: Новая, сама вышывала. А таба ці падабаецца?

Праходзяць каля хаты, з якой выйшла бабулька Марылька. Да яе падыходзяць дзяўчынкі.

1 i 2 дзяўчынка: Хрыстос Уваскрос! (3 разы) Добрай раніцы, бабулька.

Бабулька: Ваісціну Уваскрос! І вас дзяўчынкі са святам віншую. Заходзьце ў хату, пачастую!

2 дзяўчынка: Дзякуй, бабулька Марыля.

1 дзяўчынка:  Дзякуй, даражэнькая. Да вас мы зойдзем абавязкова, але пазней, бо зараз спяшаемся на снеданне  дадому. Бацькі дзесьці чакаюць.

2дзяўчынка: Мы з Усяночнай. З вечара пірагі пяклі, потым стравы асвяшчалі ў царкве. Стаміліся. Усю ноч не спалі.

1 дзяўчынка: Пабяжым хутчэй дахаты.

Бабуля: Ай, якія вы малайчынкі! Вось у царкву схадзілі, і, напэўна, даведаліся, што з яйкамі старажытныя людзі яшчэ ў дахрысціянскай веры звязвалі тайну нараджэння жыцця, а з хлебам(пасхай)- само жыццё. Яйкі фарбавалі ў розныя колеры, каб духі звярнулі на іх увагу. Асноўным колерам, канешне, лічыўся чырвоны, таму што кроў з’яўляецца, па ўяўленню старажытных людзей, прывабнай стравай для духаў. Таму і гавораць у народзе:  ”Свята Вялічка з красным яечкам”. Зразумелі?

Дзяўчынкі з бабулькай  абменьваюцца яйкамі , і тут кукуе зязюля.

1 дзяўчынка: Ах, чуеце, зязюля кукуе?

Бабуля: На Вялікдзень, кажуць у народзе, першы раз зязюля кукуе.

1 дзяўчынка: Бабулечка, то мы ўжо пойдзем. А вунь да вас якраз ўнукі ідуць. Сустракайце, свянцоным частуйце.

Унукі: Хрыстос Уваскрос,бабулечка!(з разы гавораць і цалуюцца).


Бабуля: Ваісціну Уваскрос!

Унук 1:Які ж сёння вялікі і цудоўны дзень! Столькі святла і цеплыні.

Бабуля: Дык на Благавешчанне было добрае надвор’е. Павер’ е ёсць такое: “ Якое Благавешчанне, такі Вялікдзень дудзе. Нябось, людзі некалі праўду казалі.

Унук 2:А яшчэ мы чулі,  што з вялікадня птушкі пачынаюць спяваць. Вось ужо дзе будзе прыгожа ў прыродзе!

Унук 3: Бабуля, а што ты яшчэ не разгаўлялася свянцоным яйком.А дзе ж дзед Мікола? Нешта яго не відаць.
.
Бабуля: Заходзьце ў хату, недзе дзед там будзе. Вас толькі і чакалі, каб разам паразгаўляцца.

Заходзяць у хату, чуецца скрып дзвярэй. Недзе лаюць сабакі.(Фанаграма)

Дзед з галінкай:
Вярба б’е, 
Не я б’ю.
Сёння Вялікдзень, 
Будзь здаровы, 
Як тая вярба,
Будзь вясёлы,
Як тая вясна.

Баба:
Слухайце бацькі,
Слухайце маці,
Не забывайце ўсім памагаці
Старэнькім, маленькім, 
Ці хворым, можа,
А вам усім няхай 
Бог дапаможа!
Дзед і баба: Запрашаем вас да нашага стала.

Фанаграма шуму посуду.
Усе становяцца вакол стала і дзед пачынае.

Дзед: Ва імя Айца, і Сына, і Духа святога Амінь. А цяпер давайце з’ямо па кавалачку свянцонага яйка, хлеб бярыце і пасыпайце соллю.

Баба:
 Вялікдзень свята ачышчэння,
Свята сонца і вясны, 
З пакалення ў пакаленне
Аднаўляюць нас яны.
Дзед: 
Зноў ад ранку ў цэрквы
Мы спяшаем прычасціцца…
Молім Бога і анёлаў:
“Хоць на міг з вышынь зірніце”.

Дзед: Ну, унучкі, мусіць, трэба вам знайсці моцнае яйко, каб маглі выйграць у іншых.

Усе бяруць па яйку і мацаюць, потым пачынаюць “біцца” паміж сабою. Дзед з  кішэні тайна дастае драўлянае яйко і хоча пашуціць з унукамі, але яны гэта заўважаюць.
Потым дзеці паказваюць падарункі  і гасцінцы, якія перадалі ім бацькі.


Дзед: А хто са мною хоча пакачаць яйкі? У мяне і прылада ёсць.

Дзед пакавае ўнукам гульню, і адначасова расказвае.

Дзед: Мяне хочацца вам нагадаць, што ўсе гульні з яйкамі звязаны са старажытным абрадам катання яек у полі з мэтай апладатварэння зямлі, забеспячэнню добрага ўраджаю.Гушкацца на арэлях – гэта, каб усё добра расло, вадзілі карагоды- гэта звязвалася ў народзе з рухам сонца. Глянь ты, Марыля, нехта стукаецца.

Стук у дзверы(фан.).Чуюцца галасы. Скрыпяць дзверы і ўваходзяць дзяўчынкі, якія сустрэліся бабулі.

Баба: Гэта дзяўчынкі прыйшлі. Кажуць, што вяртаюцца ад сваіх хросных бацькоў.

1 дзяўчынка: Здрасце таму, хто ў гэтым даму,
        Гаспадынечцы і гаспадару.

2 дзяўчынка: Ці не супраць гаспадар,
         Каб да  вас завітаць,
         Віншаванні свае перадаць?

1 дзяўчынка:Добра пажывайце,
        Бяды, гора не знайце.

3 дзяўчынка: Так ці дазваляеце песню заспяваці?
                                                                                                 
Дзяўчынкі:
Вясна шуміць,вясна гудзе,
Вялікдзень па зямлі ідзе.
Ліецца песня да нябёс:
Хрыстос Васкрос! Хрыстос Васкрос!

Звініць званочкамі ручэй,
Заззялі сонейкі ў вачах.
За цёмны лес пабег мароз..
Хрыстос Васкрос! Хрыстос Васкрос!

Зямля на сонцы грэе бок,
Чароўны белы галубок
Святую вестку нам прынёс:
Хрыстос Васкрос! Хрыстос Васкрос!

Сыходзіць з твараў сумны цень,
Святочны час, святочны дзень,
Вясна, вясна - пара дзівос:
Хрыстос Васкрос! Хрыстос Васкрос!
Дзед: А давайце станцуем вясёлую польку. Эх, гуляць дык гуляць!
                                                                                                     
Ідзе ўрывак танца, калі час дазваляе, можна і ўвесь.
Потым дзяўчынкі гавораць:

1 дзяўчынка:
Дзякуй людзям гаспадарлівым, 
Што ў працы дбайныя, 
Шмат усяго маюць,
“Жачак” шчыра вітаюць.

2 дзяўчынка:Дзядуля! Бывай здароў, жыві сто гадоў.
3 дзяўчынка: Бабуля!  Хадзі каля рэчак, май сто авечак.
1 дзяўчынка: Кацярынка! Хадзі каля ладак, май сто цялята                                                                                  
3 дзяўчынка: Іванка!  Хадзі каля нівак, май сто свінак.
2 дзяўчынка:
Дай, божа, пані-гаспадыні
Жыці – быці, унукаў пажаніці,
Праўнукаў дачакаць
Ды нас у госці пазваць.

 Фінальная песня: “Валачобныя, людзі добрыя”

Некаторыя моманты запісаны са слоў Альшэўскай Зоф’і Вацлаваўны,1932 г. н.
Лідскі раён, п. Першамайскі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий