Страницы

Літаратурная Лідчына

Наша малая радзіма мае сваю слаўную гісторыю. Стагодзямі насялялі гэты край працавітыя людзі, улюбёныя ў сваю зямлю, на якой нарадзіліся, якую жадалі зрабіць вольнай і квітнеючай. Апрацоўвалі зямлю, гадавалі дзяцей, абаранялі свой край ад ворагаў, праслаўлялі Радзіму ў песнях і вершах. Сёняшняе пакаленне таксама захоўвае памяць пра тых, хто сваёй плённай працай рабіў нашу зямлю багацешай матэрыяльна і духоўна. Пачэснае месца сярод іх займаюць пісьменнікі і дзеячы асветы.
Літаратурная Лідчына шматлікая, шматгранная і шматмоўная. Вядзе сваё існаванне ад Лідскага старасты Яна Абрамовіча (?-19.04.1602), які выдаў у Вільні евангелічны «Катэхізіс» (1958г.), што змяшчае 300 рэлігійных песень. Яму таксама прыпісваюць аўтарства манускрыпта «Погляды ліцьвіна на танны больш дарагі продаж збожжа» (1595г.) Менавіта пры Яне Абрамовічы Ліда атрымала герб і магдэбургскае права.
У наступныя два стагоддзі падчас Конррэфармацыі і Асветы літаратурнай дзейнасцю займаліся ў асноўным манахі, сярод якіх былі як ураджэнцы Лідчыны, так і выкладчыкі Лідскага піярскага калегіума, сярод якіх Кароль і Міхал Карыцкія, Казімір Нарбут, Мікуцкі Антоні.
У другой палове XIX ст., у эпоху Рамантызму цікавасць да літаратуры прасачылася ў асяроддзе лідскіх буйных землеўладальнікаў.
Антоні Гарэцкі (1787 – 18.08.1861) – нарадзіўся ў сям’і віленскага войскага Валенція Гарэцкага, які валодаў маёнткам Біскупцы. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, удзельнічаў у кампаніі 1812г. на баку Напалеона і ў паўстанні 1831г., з’ехаў за мяжу, жыў у Дрэздэне на адной кватэры з А. Міцкевічам, сын яго  Тадэвуш ажаніўся на адной з дачок А. Міцкевіча. Аўтар шматлікіх баек, элегій, жартаў і эпіграм. Творы вылучаюцца сваёй прыземленнасцю, народнасцю, наяўнасцю шматлікіх беларускіх слоў і выказванняў.
Напрыканцы  XIX ст. адукаванасць пранікае і ў сялянскую сераду, з’яўляюцца творы на беларускай мове. Адной з лепшых і таленавіцейшых прадстаўнікоў гэтай часткі «тутэйшых» з’яўляецца паэтка, празаік, публіцыст і выдавец Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч (Кейрыс, «Цётка»), якая нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям’і у маёнтку Песчына Лідскага павета.
У 1905г. у Лідзе на будаўніцтве чыгункі працаваў дзесятнікам Карусь Каганец (Кастравіцкі Казімір-Рафал, 1868-1918) – беларускі паэт, празаік, драматург, мастак, графік-скульптар. Шырокай вядомы яго вадэвіль «Модны щляхцюк» - адзін з перщых твораў беларускага тэатральнага рэпертуару. Некалькі сваіх вершаў ён напісаў у Лідзе.
У канцы XIX- XX ст. на Лідчыне пісалі на яўрэйскай, польскай, англійскай, беларускай і рускай мовах. З асяроддзя лідскіх яўрэяў XIXст. стаў вядомы сваімі падручнікамі па іўрыту і перакладамі на іўрыт баек Лафантгена і трагедыі У. Шэкспіра «Кароль Лір» Шмуль Лейба Гардон. Польскамоўная літаратура набыла з лідскай зямлі ў XX ст. наступныя імёны: Макрэцкая (Ланге) Каміла Эмілія, Эльжбета Красіцкая, пісьменнік с сусветным імем Путрамент Ежы. 
Багата Лідская зямля беларускамоінымі паэтамі і пісьменнікамі. У розныя гады ў Лідзе жылі В. Таўлай, Н. Тарас, В. Корбан, В. Каваленка, М. Дзелянкоўскі, С. Астраўцоў.
 На вуліцы Камсамольскай, 5  захаваўся дом, дзе з 1939 па 1941г. жыў паэт Валянцін Таўлай.
Нялёгкім быў яго лёс. Нарадзіўся у студзені 1914г. у Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Сям’я часта пераязджала з адной станцыі на другую: Баранавічы, Лунінец, потым да бабкі ў Ліпецк, зноў у Лунінец, на кароткі час у Вільню, потым уЛіду, Зельву. У Зельве, у 1920г., памірае маці Валянціна.  Бацька падаецца ў Ліду шукаць працы. У 1922г. ён забірае сюды і сына. 2 гады вучыўся Валянцін у польскай школе, якая знаходзілася пры мурах-руінах старадаўняга замку ў Лідзе. Тут ён і пачаў пісаць першыя вершы. Пасля паступлення ў Віленскую гімназію, уступае ў падпольную камсамольскаю арганізацыю Заходняй Беларусі, за што і быў зняволены. Пасля вызвалення не адракрецца ад свіх поглядаў і працягвае займацца палітычнай дзейнасцю, уступіўшы у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. У 1934г. зноў зняволены. У гэты час пачынаецца найбольш плённы перыяд паэтычнай творчасці Таўлая. Пасля вызвалення, у 1939-1941 працуе літработнікам лідскай газеты «Уперад». Тут стварае паэмы «Кобрыншчына», «Песня пра сухар». У 1943г. пераехаў з Ліды ў Навагрудак. На доме, дзе жыў Таўлай (вул. Камсамольская, 5) у 1965г. устаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам на рускай мове: 
« В этом доме с сентября 1939 года и до начала Великой Отечественной войны жил и работал белорусский поэт революционер Валентин Тавлай». У творчасці апошніх гадоў значнае месца займае ваенная тэматыка: 
Перадай сасна сасне-
немцам будзе блага:
не задрэмле, не засне 
партызанскі лагер.
Расшумеўся цёмны лес
над маўклівым логам
ходзяць хлопцы па сяле,
ходзяць па дарогах.
Памёр В. Таўлай у 1947г.
У 1963 г. Лідскі гарвыканкам прыняў рашэнне пераіменаваць вуліцу Лідскую на вуліцу В. Таўлая.
У цяперашні час сябрамі Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца пяць ураджэнцаў Лідчыны: Д. Бічэль (Бічэль-Загнетава), К. Лялько, I. Багдановіч, В. Клімовіч, В. Праўдзін. Асабістыя кнігі і зборнікі выдалі больш 20 літаратараў. Усе яны друкаваліся ў калектыўных зборніках, у мясцовай, абласной і рэспубліканскай прэсе. Сярод іх: Сліўко Смаргад Фёдаравіч, Васько Уладзімір Гаўрылавіч, Пырскі Леапольд Вітольдавіч, Мельнік Міхаіл Iванавіч, Бачароў Віктар Мітрафанавіч, Віннік Леанід Макаравіч і іншыя.
Янка Купала на Лідчыне
У кожнага народа сярод класікаў нацыянальнага пісьменства вылучаюцца постаці  найгалоўныя, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё роднай літаратуры, мовы і культуры, сталі, як бы неафіцыйным сімвалам самаго народа, прарокамі нацыянальнага адраджэння. У беларусаў такой постацю з’яўляецца Янка Купала. Хатні настаўнік, перапісчык у судовага следчага, малодшы прыказчык, рабочы на памешчыцкіх броварах, бібліятэкар – вось старонкі працоўнай дзейнасці маладога паэта. Паўсядзённая практыка ўзбагачала жыццёвы досвед Купалы, давала магчымасць глыбей пазнаць жыццё народа.
Вядома, што вялікі паэт не мінуў і нашай Лідчыны. Яшчэ увосень 1909г. Купала па рэкамендацыі Барыса Даніловіча, беларускага грамадскага і культурнага дзеяча пачатку XX стагоддзя, атрымаў месца эканома ў маёнтку Бенін Наваградскага павета (цяпер гэта вёска з’яўляецца цэнтрам калгаса «Новы щлях» Наваградскага раёна).
Другая сустрэча Янкі Купалы з Лідай адбылася пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. 15 лютага 1940г. рабочыя і службоўцы Лідскага чыгуначнага вузла на сваім першым перадвыбарным сходзе аднагалосна  прапанавалі вылучыць кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Гэту прапанову падтрымалі ўсе парцоўныя горада і раёна. 13 сакавіка 1940г. Купала прыехаў у Ліду на сустрэчу з выбаршчыкамі. Разам з ім прыехалі з Мінска пісьменнікі Пятро Глебка, Алесь Кучар, Зэлік Аксельрод. Спыніліся госці ў гасцініцы па вуліцы Сувальская (цяпер вул.Савецкая), былым гатэлі «Брыстоль». У час прыезду паэта была адліга, макрата такая, што ў туфлях цяжка прайсці па тратуары, каб незамачыць ногі. I тады Валенцін Таўлай, паэт, былы ўдзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі; супрацоўнік лідскай газеты «Уперад», збегаў на гумовую фабрыку «Ардаль» і прынёс дарагому госцю падарунак рабочых – пару новенькіх галёшаў.
У першы дзень Янка Купала агледзеў горад. Шаноўнага госця суправаджалі маладыя заходнебеларускія паэты Валенцін Таўлай і Ніна Тарас (супрацоўнікі лідскай газеты «Уперад»), Анатоль Iверс ( Міско Iван Дарафеевіч, супрацоўнік слонімскай газеты «Вольная праца») і Пятрусь Граніт (Iвашэвіч Iван Пятровіч, старшыня Беліцкага сельсавета). Першая сустрэча з выбаршчыкамі адбылася ў святочна ўпрыгожаным чыгуначным клубе на вуліцы Каляёвай (Чыгуначнай), цяпер Труханава. Гэта быў доўгі аднапавярховы будынак, які складаўся з глядзельнай залы са сцэнай; бібліятэкі-чытальні, більярднай, буфета і сталоўкі. У час вайны будынак згарэў. Цяпер на месцы былога чыгуначнага клуба знаходзяцца склады. 
Убачыць і паслухаць народнага паэта сабрался больш 700 чалавек. Шмат людзей знаходзіласяна двары перад клубам. Хвіліны напружанага маўчання, і залу ўскалыхнулі працяглыя авацыі: на сцэну ўзыходзіць Янка Купала! …На твары Я. Купалы ўсхваляванасцьзмагаецца з нейкім недамаганнем: лоб пакрыўся потам, і паэт час ад часу выцірае яго хусцінкай. Усе адчуваюць, што паэт – хворы, што ў яго высокая тэмпература. I тое, што Я.Купала, не зважаючы на дрэнны стан здароўя, прыехаў да сваіх выбаршчыкаў, напоўніла сэрцы прысутных глыбокай удзячнасцю і яшчэ большай пашанай да яго. Слухалі народнага паэта, прытаіўшы дыханне. 
Днём 14 сакавіка адбылася сустрэча Янкі Купалы з сялянамі Лідчыны ў кінатэатры «Эдысон». (Зараз там сквер і помнік Ф. Скарыну.) Каб убачыцца з любімым паэтам, сяляне з навакольных вёсак Ліпнішкі, Бердаўка, Ганчары , Беліца, Ваверка, Крупава, Парачаны і іншых ішлі ў Ліду пешку і ехалі на фурманках за дзесяткі кіламетраў. Вакол кінатэатра набралася сялянскіх вазоў і распрэжаных коней, як на вялікім кірмашы. Давераная асоба кандыдата, пісьменнік Алесь Кучар, расказаў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях народнага паэта. Сялянскія прамоўцы ад усёй душы расказвалі аб тым, чым былі творы Я. Купалы ў іх нялёгкім жыцці. Затым сцішаная зала слухала свайго песняра, нараспеў чытаючага вершы на заходнебеларускія матывы, сярод якіх: «Ты з Заходняй. Я з Усходняй», «Накарміліся панскаю ласкай…», «Сыходзіш, вёска, з яснай явы…»
Вечарам 14 сакавіка пясняр народных дум быў запрошаны на сустрэчу з чытачамі ў гарадскую бібліятэку, якая знаходзілася побач са старажытным замкам (прыблізна, дзе зараз знаходзіцца магазін «Юбілейны»). Пасля выступлення Янка Купала падарыў бібліятэцы кнігу «Над ракой Арэсай» з цёплым надпісам. Гэта была першая кніжка на беларускай мове ў гарадской бібліятэцы ў сакавіку 1940г. На ўспамін аб хваляўнічай сустрэчы супрацоўнікі бібліятэкі прыпаднеслі госцю зборнік вершаў вядомай польскай паэтэсы Марыі Канапіцкай «Паэзія» (на польскай мове). Пазней Я. Купала прыклаў немала намаганняў, каб папоўніць кніжны фонд гарадской бібліятэкі, і ўжо ў маі 1940г. тут атрымалі больш як 4000 кніг на беларускай і рускай мовах. Дзякуючы Купалу, было станоўча вырашана пытанне з фінансаваннем бібліятэкі.
15 сакавіка ў самай вялікай глядзельнай зале горада – кінатэатры «Эра» - адбылася заключная сустрэча з гарадской інтэлігенцыяй. Гэты будынак знаходзіўся за будынкам сённяшняй  бібліятэкі імя Я. Купалы. Адбыўся вялікі літаратурны вечар. З дакладам аб стане беларускай літаратуры выступіў крытык з Менска Алесь Кучар. Свае вершы чыталі Янка Купала, Пятро Глебка, Зэлік Аксельрод, Валенцін Таўлай, Ніна Тарас, Анатоль Iверс, Пятрусь Граніт. Гэта было першае свята беларускай паэзіі такога масштабу ў перадваеннай Лідзе. Перад з’ездам Янка Купала сустрэўся з групай маладых паэтаў, якія сабраліся тут з усёй вобласці. 
24 сакавіка 1940г. Янка Купала выбіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Лідскай-слабадской выбарчай акругі і яму ўручаецца дэпутатцкі білет №306.
27 сакавіка 1940г. газета «Известия» змясціла ліст народнага паэта «Маім выбаршчыкам». У гэтым невялікім дакуменце Янка Купала выказаў сваю вялікую радасць з вынікаў выбараў у заходніх абласцях Беларусі: «Я глыбока ўдзячны маім выбаршчыкам Лідскага раёна, якія аказалі мне высокі гонар выбраннем у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Да канца маіх дзён буду верна служыцьмайму народу…»
Прайшло 67 г. з тых памятных дзён, але і сёння ганарацца лідзяне тым, што адна са старонак жыцця вялікага беларускага песняра мае непасрэднае дачыненне да іх горада, да гісторыі іх роднага краю.
Неўзабаве пасля перамогі над фашысцкай Германіяй Савет Народных Камісараў Беларускай ССР і Цэнтральны камітэт КП(б) Беларусі 5 жніўня 1945г. прынялі пастанову «Аб увекавечванні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы». У ліку іншых пунктаў быў і такі: «Прысвоіць імя Янкі Купалы гарадской бібліятэцы ў горадзе Лідзе». З гэтай нагоды ў верасні 1946г. ў Ліду прыехала группа пісьменнікаў і навуковых супрацоўнікаў у складзе жонкі паэта Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, пісьменнікаў Пятра Глебкі, Валяціна Таўлая і Уладзіміра Агіевіча, каб па даручэнні Саюза пісьменнікаў і Акадэміі навук БССР прыняць удзел ва ўрачыстым акце прысваення бібліятэцы імя Янкі Купалы. Госці з Менска прывезлі і перадалі бібліятэцы падарункі ад Літаратурнага музея Янкі Купалы. У чытальнай зале была арганізавана фотовыстава  і выстава кніг, прысвечаная народнаму паэту. Раённая газета «Уперад» 29.09.1946г. апублікавала  літаратурную старонку «Я. Купала – вялікі змагар за уз’яднанне беларускага народа».
Урачысты сход працоўных горада, прысвечаны прысваенню гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, адбыўся вечарам 18 верасня. На гэтае мерапрыемства прыйшлі рабочыя, службоўцы, навучэнцы і вучні старэйшых класаў. Многія на сход прыехалі з навакольных вёсак.
Рашэннем гарвыканкаму ў верасні 1946г. вуліца Шкляная перайменавана ў вуліцу Янкі Купалы. Яна прымыкае да рэчкі Лідзейкі. Зараз на гэтай вуліцы знаходзіцца будынак гарадскога Дома культуры, у якім  месціцца філіял гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы – дзіцячая бібліяиэка з утульнай і прасторнай чытальнай залай. У чэрвені 1947г., у дзень пятай гадавіны трагічнай гібелі Янкі Купалы, у гарадской бібліятэцы адкрыўся памятны пакой народнага паэта. Тут была наладжана вялікая выстава пра жыццё і творчасць песняра, аформлены вітрыны з яго творамі; выстаўлены падарункі бібліятэцы ад музея Я. Купалы. Наведвальнікі з цікавасцю разглядалі альбом «Янка Купала – наш дэпутат»: у гэтым альбоме былі сабраны фотаздымкі, газетныя выразкі, успаміны ўдзельнікаў сустрэчы з паэтам, малюнкі купалаўскіх мясцін у Лідзе, зробленых рукой самадзейнага мастака, краязнаўцы і калекцыянера Аляксандра Каспяровіча.
14 верасня 1950г. сяляне вёсак Дубровенскага сельсавета на сваім агульным сходзе арганізавалі калгас. Гаспадарку назвалі імем свайго першага дэпутата Янкі Купалы. Праіснаваў ён да ўзбуйнення, калі 16 мая 1952г. ўліўся у калгас імя Мічурына.
29 чэрвеня 1956г. у гарадскім Доме культуры (будынак знаходзіўся на сучаснай вуліцы Таўлая і быў знесены ў канцы 80-х гадоў) адбыўся літаратурны вечар, на які па запрашэнні загадчыцы бібліятэкі імя Янкі Купалы Людмілы Зялінскай прыехалі з Менска жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, а таксама беларускія паэты Міхась Калачынскі, Анатоль Астрэйка, Раман Сабаленка. Уладзіслава Францаўна Луцэвіч падарыла гарадской бібліятэцы вялікі намаляваны алеем на палатне партрэт Янкі Купалы работы народнага мастака БССР Валянціна Волкава, які быў добра знаёмы з Я. Купалам. Сеня ён знаходзіцца ў музеі Янкі Купалы ў Менску. Уладзіслава Францаўна падарыла бібліятэцы таксама альбом «Беларускі народны арнамент». На адвароце тытульнага аркуша альбома яна зрабіла надпіс: «Ад музея Янкі Купалы. Ул. Луцэвіч. 29.VI.56г.» Гэта рэліквія захоўваецца і сёння ў чытальнай зале бібліятэкі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий