Данута Бичель-Загне́това

Данута Бічэль-Загнетава - беларуская паэтэса. Нарадзілася 3 снежня 1937 (па іншай версіі - 1 студзеня 1938) у сялянскай сям'і  ў  в. Біскупцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці). Скончыла Навагрудскае педагагічнае вучылішча (1957), аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (1962) З 1962 года выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гродна. Член Саюза Пісьменнікаў СССР (1964). 
У друку выступае з 1958 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). У вершах, арганічна звязаных з народна-паэтычнай традыцыяй, апявае Радзіму, жыццё працаўнікоў вёскі, прыгажосць роднай зямлі. Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты — гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), «Божа, мой Божа» (1992), «Нядзелька» (1998), «Снапок» (1999), «На белых аблоках сноў» (2002), «Стакроткі ў вяночак Божай Маці» (2004), «Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы» (2005), «Ойча наш…» (2008), «Iду сцяжынаю да Бога» (2012), «Выбраныя творы»(2016),«Дайсці да Каложы»(2017). Напісала паэмы і кнігі вершаў для дзяцей «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Рыжая палянка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982), «Габрынька і Габрусь» (1985), «Гараднічанка» (1993). Аўтар кнігі нарысаў, мемуараў і эсэ «Хадзі на мой голас» (Вроцлаў, 2008), выдала кнігі прозы «Мост святога Францішка» (2010), «Правінцыя святога Францішка» (2013). З 1982  па 1998 г. загадчыца Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродна. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож». Узнагароджана медалём. Займаецца грамадскай, літаратурнай, асветніцкай дзейнасцю.

Роднае слова
Пад казачным дубам
над Нёманам сінім
хлапец прызнаваўся ў каханні
дзяўчыне.

I рэхам той шэпт
адгукаўся між гаю:
...Кахаю, кахаю...

Я чула пяшчотнае,
шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае.

Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агністае,
як Нёман, празрыстае,
як казка, быліна, як песня,
жаданае,
дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.

Яно празвінела над хвалямі ў рэчцы.
Вятрыска шаптаў яго
з лісцем між гаю:
...Кахаю, кахаю...
Шапталі яго сенажаць і дуброва,
людзьмі перачутае,
некаму нова,
адзінае, дзіўнае светлае слова —
кахаю... кахаю...

Кахаю...
Люблю...
Беларускаму краю
бясконца я слова «люблю» паўтараю.

Комментариев нет:

Отправить комментарий